Беларуская Служба

«Разнавіднасць злачынства супраць чалавечнасці». Праваабаронцы прадставілі даклад пра катаванні ў калоніі «Віцьба»

24.06.2026 17:44
«Здаецца, што нешта мяняецца, ідуць перамовы з ЗША. Але тое, што робіць беларускі аўтарытарны рэжым, не спынілася. Людзі сядзяць у ШІЗА, нейкія базавыя правы, якія ў іх ёсць, не выконваюцца».
Аўдыё
  • У якіх умовах утрымліваюць палітвязняў у калоніі № 3
:
Графіка: torturesbelarus2020.org

Праваабаронцы з Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставілі даклад аб жорсткім абыходжання з вязнямі ў адной з беларускіх калоній. На гэты раз пад лупу ўзялі ўмовы, створаныя для вязняў, асабліва палітычных, у калоніі № 3 у Віцебску (так званая «Віцьба»). 

У дакуменце адзначаецца, што менавіта ў калоніі № 3 зафіксавана жорсткае абыходжанне і створаны бесчалавечныя ўмовы для асоб, асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Гэта цяжкія ўмовы ў быту, частыя пакаранні без прычыны, змяшчэнне ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу (ШІЗА і ПКТ) - у камеры без абагрэву ў халодную пару года, цяжкая фізічная праца за мізэрную аплату. Часта палітвязні не атрымліваюць своечасова медыцынскай дапамогі, што можа прыводзіць да сур’ёзных наступстваў, а нават смерці.

Адзін з аўтараў справаздачы, які прадставіўся іменем Уладзімір, адзначыў, што палітычныя вязні ў гэтай калоніі носяць жоўтыя біркі на вопратцы.

— Дыскрымінацыйныя практыкі, якія адносяцца да палітычных зняволеных: у першую чаргу стыгматызацыя, звязаная з колерам біркі, якая ёсць у зняволеных, – яна жоўтага колеру. Жоўты колер азначае наяўнасць у асуджанага прафілактычнага ўліку. Як правіла, менавіта ў дачыненні да іх адміністрацыя прымяняе асноўныя рэпрэсіўныя практыкі. Да палітычных зняволеных прымяняюцца практыкі, якія пазбаўляюць іх базавых правоў у сітуацыі, калі звычайны зняволены атрымаў бы толькі вуснае папярэджанне. Калі мы гаворым пра палітычных зняволеных, то можна казаць пра тое, што любое парушэнне будзе выкарыстана супраць палітычнага зняволенага. Калі палітычныя зняволеныя не дапускаюць парушэнняў, тады прыдумляюць гэтае парушэнне з мэтай наступнага ціску на палітычнага зняволенага.

Звыш тысячы дзён правёў у „Віцьбе” грамадзянін Латвіі Дзмітрый Міхайлаў за крытыку беларускага рэжыму ў інтэрнэце. Ён выйшаў на свабоду па памілаванні год таму. Дзмітрый расказаў знакавую гісторыю, звязаную з жоўтымі нашыўкамі. Вязням паказвалі фільм пра нямецкі фашызм. У палітвязня адразу ўзнікла асацыяцыя з сённяшняй беларускай рэальнасцю, калі палітычным нашываюць жоўтыя біркі, як яўрэям у часы вайны. За гэтую асацыяцыю, выказаную ўголас, ён атрымаў пакаранне.

 Беларусь – нібыта краіна, якая шануе памяць барацьбы з фашызмам, лічыць сябе пацярпелай ад фашызму. І вось у нас быў прагляд фільма. Рэжысёр Раман Палaнскі. Фільм «Піяніст» пра варшаўскае гета. А літаральна за дзень ці два да гэтага мне ўжо прысабачылі бірку жоўтую палітычнага прафуліку. Мы глядзім гэты фільм, і там жоўтыя зоркі ў яўрэяў. Я кажу, вы што, ачмурэлі? Вы мне нашылі такую ​​ж, толькі прамавугольную. І мне паказваеце фільм пра фашызм. Гэта была 30 студзеня ці 1 лютага, лютая зіма, мароз. Шэсць гадзін я прастаяў у дворыку. У мяне не было пальчатак, шаліка, турэмныя чаравікі на звычайных тоненькіх шкарпэтках. На наступны дзень у мяне тэмпература 39,3. Яны мяне кладуць у шпіталь. Я іду і кажу: хлопцы, вы вызначыцеся, каб я разумеў. Вы хочаце мяне нахрэн замарозіць, каб я здох і не казаў вам праўду ў твар? Ці вы мяне вылечыць хочаце? Ну вось такая гісторыя, знакавая. Цяпер яна мне нават смешнай падаецца. Паказваюць нам гэты фільм, каб мы выправіліся. Рэжымнае мерапрыемства - гэта мерапрыемства, якое павінна мяне выправіць. Але чым яно мяне можа выправіць? Можа самі паглядзіце гэты фільм і падумайце, хто вы.

Дзмітрый Міхайлаў кажа, што «палітычныя» часта атрымліваюць пакаранні, нават калі яны вельмі стараюцца паводзіць сябе «правільна». У штрафны ізалятар можна трапіць за абсалютную дробязь, а найгорш, калі невядома, ці пасля тэрміну пакарання яго не працягнуць на чарговыя суткі.

 Цябе могуць пакараць за ўсё. Ты выйшаў на зарадку. Адну кантралёру ўсё роўна, як ты апрануты. А другі можа сказаць: а чаму ты не ў форменнай вопратцы выйшаў на зарадку, не ў спартыўных штанах? Ідзеш ты на сняданак. Палітычныя павінны ісці наперадзе. Ты там нейкі шэраг памяняў. У камеру ўбачылі, ужо ты павярнуўся і паварушыў вуснамі. Усё, ты размаўляў, калі ішоў. Вельмі лёгка вылавіць цябе на парушэнне, калі стаіць такая задача. Ты годна прымаеш сваё пакаранне, але тут уключаецца другое, вельмі цяжкае, страшнае катаванне. Падаўжэнне. Ты прачынаешся ў шэсць, ты павінен пайсці ў атрад. І ты чакаеш, ты даймаеш сябе. Вось чаму ўсе валасы сівыя. Прынясуць, не прынясуць – у вас папера. Вось, падпішыце, вам яшчэ 15 сутак. Вось гэта самае цяжкае ў ШІЗА.

Умовы, створаныя ў Віцьбе, асабліва для палітвязняў, можна разглядаць у рамках злачынства супраць чалавечнасці, - гаворыць аўтар справаздачы Уладзімір.

 Сістэмны пераслед, катаванне, стварэнне бесчалавечных умоў адбыцця пакарання ў выканаўчай калоніі №3 для палітычных зняволеных трэба разглядаць у якасці разнавіднасці злачынства супраць чалавечнасці ў рамках шырокамаштабнага пераследу праціўнікаў аўтарытарнай беларускай улады, што па сутнасці з'яўляецца міжнародным злачынствам. Цяпер здаецца, што, калі ідуць перамовы са Злучанымі Штатамі, нешта мяняецца, нібыта дзесьці там з’яўляецца крыху больш свабоды. Але я заклікаю не забывацца, што да гэтага часу ёсць людзі, якія перажываюць тое, што перажываў Дзмітрый, што перажывалі нашыя задакументаваныя сведкі. То бок, нічога тое, што робіць беларускі аўтарытарны рэжым, не спынілася. Людзі таксама сядзяць у ШІЗА, нейкія базавыя правы, якія ў іх ёсць, не выконваюцца.

У дакладзе праваабаронцы называюць канкрэтных асоб, адказных за жорсткія ўмовы ў калоніі № 3. Гэта, між іншым, былы начальнік калоніі Аляксей Старавойтаў, актуальны кіраўнік Філіп Стурчанка і намеснік кіраўніка Дзяніс Федчанка.

нг